
Тады былі ў модзе абласныя агляды-конкурсы ведамасных самадзейных мастацкіх калектываў. Наступіла чарга прадэманстраваць свае таленты і работнікам спажывецкай каперацыі. Ня ведаю, як дзе, а нашы шчучынскія зафрахтавалі на конкурс мастацкі калектыў раённага Дому культуры, у якім і я выступаў з чытаньнем сваіх вершаў. Разьмеркавалі, як каго прадстаўляць будуць – прадаўцы, нарыхтоўшчыкі, таваразнаўцы і г. д. Фельетон сам плыў у рукі. Шчучынцы (па алфавіце) выступалі самымі апошнімі, і пасядзеўшы, паслухаўшы трохі, пайшоў наведаць Міхася Восіпавіча – рэдакцыя тады разьмяшчалася побач, лічы ў адным будынку з абласным Домам народнай творчасьці, дзе праходзіў конкурс. Пасядзелі, пагаманілі, схадзілі ў забягалаўку, дзе я прапанаваў, а Васілёк весела пагадзіўся выступіць за Шчучынскі райспажыўсаюз: а чаму б і не, мая ж Баброўня цяпер у Шчучынскім раёне!.. Не, ён ня быў п’яны, проста часам у добрым гуморы яго так і пад’юджваў малады гарэзьлівы настрой. Наш мастацкі кіраўнік не паверыў такой удачы, стаў пытацца, як прадставіць Васілька: таваразнаўцам ці яшчэ кім? Канечне
ж, прадстаўляць Васілька, якога навылёт ведае журы, таваразнаўцам са Шчучына было б верхам камізму, але ў мяне хапіла розуму сказаць, каб прадставіў як земляка, які карыстаецца паслугамі мясцовай кааперацыі. Першае месца Шчучыну было забясьпечанае, і кіраўніцтва райспажыўсаюзу запрасіла ў рэстаран з сервіраванымі па вышэйшым класе ссунутымі літарай «Т» сталамі. Міхась Восіпавіч быў у цэнтры ўвагі. Пры гэткай закусі гарэлка ня надта хмяліла. Калі мы аўтобусам падвезьлі яго пад самую хату, Міхась Восіпавіч шапнуў мне: а ты, Валічак, не пішы свайго фельетону...
