Так, ты памёр. Цябе няма ў жывых,

Халодны жвір прысыпаў грудзі...

Асеньні дожджык церушыць

І перапёлкі ранак будзяць.

Зноў сонейка ўстае па-над зямлёй,

Бярозкі верасень крануў крылом халодным,

А вербы плачуць, плачуць над ракой,

Кідаюць лісьце ў Нёман паўнаводны...

Словы клаліся ў радкі, строфы, здавалася, ліюцца з самога сэрца, то горкія, то наіўнаватыя сьцьвярджальна-аптымістычныя кшталту: “паэт памёр, а голас малады ў народзе жыць заўсёды будзе”. Ня ведаю, колькі часу прайшло, здаецца, зусім нямнога, роўна столькі, каб Фядотаву, нарэшце, удалося злавіць некага на тэлефоне абласной рэдакцыі і даведацца, што якраз у гэты час Васілька ўжо хаваюць. Ехаць не было ніякага сэнсу... Перапісаў начыста верш, заканвертаваў і пабег на пошту, каб пасьпелі адправіць з машынай, што забірае карэспандэнцыю пасьля абеду па дарозе з Ліды, а, значыць, заўтра раніцай верш будзе ў рэдакцыі. Назаўтра пазваніў Ірыне Міхайлаўне Суворавай, яна сказала, што верш вельмі спадабаўся, і разам з прысьвечанымі Васільку творамі іншых аўтараў пойдзе ў заўтрашні нумар.

Назаўтра ніякіх вершаў, апроч кароценькага казённага рэпартажу з пахаваньня, у газеце не было. Даведаўся, што яны ўжо стаялі ў нумары, але ў апошні момант аднекуль паступіла каманда: ніякіх вершаў, ніякіх панегірыкаў...

Прачытаўшы мой верш памяці Міхася Васілька, наш рэдактар распарадзіўся зьняць што-небудзь з ужо зьвярстанага нумара і паставіць яго туды...

Той 1960 год быў надзвычай багаты на важныя падзеі ў маім жыцьці. Гэта і вяртаньне з арміі, і паступленьне на вучобу ва ўніверсітэт, і страта паважанага, амаль што роднага чалавека, якім быў для мяне Міхась Васілёк, і нечаканы кар’ерны узьлёт з трохі дэтэктыўным прысмакам...



18 из 322