
Неяк позна восеньскім вечарам мяне пабудзілі, паднялі з ложку настойлівыя, патрабавальныя стукі ў акно. Хто там, што здарылася?! Пад акном стаяў Мікола Каралёў, намесьнік рэдактара жалудоцкай раёнкі, і незнаёмы мне чалавек.
– Адчыняй! – загадаў Мікола. – І калі, насьпех нацягнуўшы штаны і кашулю, упусьціў іх, паказаў на мяне: – Ну во ён самы... – І прадставіў незнаёмца: – Абрам Данілавіч Змудзяк, рэдактар жалудоцкай “За Радзіму”, твой новы шэф... Яшчэ ня скінушы з сябе астаткі сну, я нічога не зразумеў. Каралёў працягнуў мне паперку:
– Чытай...
Прачытаў, працёр вочы, не магу зразумець – на фірменным бланку абкаму партыі за подпісам сакратара па ідэалогіі: “Секретарю Желудокского райкома КП Белоруссии товарищу Николаенкову. В Ваше распоряжение направляется Болтач Валентин Владимирович для использования его в должности заместителя редактора районной газеты”... Нейкі розыгрыш ці што? Ды-ы абкамаўскі бланк, абкамаўская пячатка, з такімі рэчамі не жартуюць...
– А ты куды? – пытаюся ў Міколы.
– З сёньняшняга дня – загадчык аддзелу прапаганды райкаму... Так што тры дні на зборы – і ўпрагайся ў работу...
– Як так? – пытаюся разгублена. – Не пагаварыўшы, не спытаўшы згоды...
– Партыя сказала: трэба, камуніст адказвае: ёсьць! – падміргнуў з гарэзьлівай усьмешкай Мікола...
Во гэтак і адбыўся мой кар’ерны скачок з радавога літраба ў намесьнікі рэдактара. А па вялікім рахунку зроблены пачатак, калі ў цябе ня надта пытаюцца, хочаш ты ці ня хочаш, тваім лёсам пачынае распараджацца партыя. Праўда, можна ўперціся, як баран у новыя вароты, калі ёсьць жаданьне, каб на цябе махнулі рукой, задавальняе персьпектыва бязвыездна дасядзець да пенсіі літрабом, у лепшым выпадку загадчыкам аддзелу ў сваёй раёнцы.
Пераязджаць у Жалудок, дакладней – пакідаць сваю родную рэдакцыю, калегаў, з якімі гэтак шчыра здружыліся-спрацаваліся, вельмі ж не хацелася.
